У аг. Кальчуны Ашмянскага раёна прайшло народнае гулянне “Загаўліны”

????????????????????????????????????

У перыяд перадвелікоднага гавення харчаванне вернікаў складаецца ў асноўным з гародніны ды каш з хлебам. Таму збірацца на вячоркі напярэдадні гэтага важнага для хрысціян часу – народная традыцыя, якую беражліва захоўваюць у многіх вёсках Беларусі.

Апошні вечар перад Вялікім Постам для хрысціян каталіцкага веравызнання з аграгарадка Кальчуны Ашмянскага раёна таксама прайшоў па традыцыях і звычаях продкаў кальчунскай мясцовасці. 5 сакавіка ў “тлусты аўторак” у мясцовым аддзеле культуры і вольнага часу сабраліся аднавяскоўцы, каб разам паўдзельнічаць у тэатралізаваным народным дзеянні “Загаўліны”.

Установа культуры ў гэты вечар ператварылася ў імправізаваную вясковую хату, дзе госцікаў ад душы сустракалі шчодрыя гаспадары. Мясцовыя хлопцы, што не ажаніліся ў гэты год, “цягнулі калодку” ці    адкупліваліся ад гэтай “ношы” грашыма ды смачнымі прысмакамі, бабулькі з малодшымі жанчынамі “пераабувалі нявесту”, “каб абцасікамі не стукала, а каля мужа ціха тупала”, а ўсе разам спраўлялі “прабачальную бяседу”, весяліліся, танцавалі, паказвалі свае таленты ў конкурсе народных прыпевак, праяўлялі запал ды спрыт у пляценні кос са стужак, прадстаўлялі свае асабістыя рэцэпты прыгатавання традыцыйных беларускіх страў. Тут спрабавалі ўсялякія прысмакі ад гаспадароў: і блінцы, і традыцыйныя ласункі, і  пахкую вэнджаніну, і тоўстыя каўбасы, і найсмачнейшую рыбную поліўку!

Кальчунскія майстрыхі таксама пастараліся на славу. Аж вочы разбягаліся ад разнастайнасці ўласнаручна зробленых вырабаў: вязаных кручком і пруткамі капялюшыкаў, кофт, сурвэтак, дывановых дарожак    ды кілімкаў.

Свята працягнулася да позняга вечара! Перад тым як выйсці, госцікі разам з гаспадарамі накрылі стол з ежай белым абрусам і кажухом, воўнай уверх, каб у хатах у наступным годзе панавалі дастатак, дабрабыт ды шчасце.

Удзельнікі абраду неслі з сабой ці памятныя сувеніры, ці смачныя пачастункі, і усе разам – добры настрой, каб, загавеўшыся ад душы, сем тыдняў цяпер пасціцца на славу!