Рэгіянальны конкурс “Алена-Льняніца” адбыўся ў Ганчарскім Доме культуры Лідскага раёна

У мінулую нядзелю ўдзельніц з Карэліцкага, Воранаўскага, Іўеўскага, Лідскага раёнаў сабраў пад дахам Ганчарскага Дома культуры рэгіянальны конкурс “Алена-Льняніца”. Канкурсанткі спаборнічалі ў 6 конкурсах: “Давайце пазнаёмімся ”( візітоўка), “Дзяўчына без касы не мае красы” (пляценне касы з ільну), “Льняная асалода” (прыгатаванне страў з ільну, хатняе заданне), “Лён – кашуля ў полі” (касцюм з ільну, хатняе заданне), “Церці лён – ляціць кастрыца” (трапанне ільну), “Свет захапленняў” ( уласнае хобі, хатняе заданне).

У выніку карону “Алена-Льняніца” атрымала Дзіяна Валацко з г.Бярозаўкі. Наталля Жук з Карэліцкага раёна атрымала тытул “Алена-прыязнасць”, Антаніна Мілько з г.п.Воранава атрымала тытул “Алена-дбайнасць”, Юзэфа Старасціна з Іўеўскага – тытул “Алена-спрытнасць”, а Алена Рудзінская з аграгарадка Ганчары Лідскага раёна атрымала тытул “Алена-гаспадынька”.

Настрой на свяце ствараў тытулованы ўзорны танцавальны калектыў “Крышталікі” і фальклорны дзіцячы гурт “Крынічка” Бярозаўскага Дома культуры.