Спецыялісты Гродзенскай вобласці прынялі ўдзел у семінары-практыкуме па традыцыйнай культуры на Віцебшчыне

19-20 верасня 2019 года ў г. Оршы Віцебскай вобласці адбыўся рэспубліканскі семінар-практыкум “Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і моладзі сродкамі традыцыйнай культуры. З вопыту работы ўстаноў культуры па развіцці фальклору і народных мастацкіх рамёстваў у рэгіёнах Віцебскай вобласці”.

У рабоце семінара бралі ўдзел спецыялісты па традыцыйнай культуры Гродзенскай вобласці: Я.А. Барысевіч – вядучы метадыст па народных промыслах ДУК “Гродзенскі АМЦНТ”; Т.В. Зяновіч – загадчык аддзела традыцыйнай культуры “Раённы Дом рамёстваў” ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры”; Г.В. Мялько – майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

На семінары абмяркоўваліся пытанні вывучэння і зберажэння традыцыйнай культуры дзецьмі і моладдзю, а таксама фарміраванне юнага ўмельца як майстра сваёй справы. Шматлікія майстар-классы майстроў мастацкіх раместваў, дэманстрацыя мясцовых народных строяў, выступленне фальклорных калектываў сталі прыкладам прафесійна-творчага дыялогу ў галіне этнакультурнага выхавання падрастаючага пакалення.

Вялікую цікавасць у вядучых спецыялістаў абласных цэнтраў, кіраўнікоў дзіцячых гурткоў і студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выклікала наведванне Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў у г.п. Копысь Аршанскага раёна. З ХV стагоддзя мястэчка славілася кафляй і ўнікальнай керамікай з чырвонай гліны – так званай “копыскай кафляй”. На тэрыторыі мястэчка налічвалася каля двух дзясяткаў заводаў, дзе выраблялі ўсе віды дэталяў абліцоўкі печаў і кафлю з разнастайнымі ўзорамі: рельефнымі, геаметрычнымі, расліннымі, геральдычнымі. З белай гліны выраблялі посуд.

Для зберажэння народных промыслаў у адным з былых вытворчых будынкаў адкрылі Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў. Тут майстры разам з дзецьмі вырабляюць сувенірную прадукцыю, вырабы бытавога прызначэння з гліны, лазы, саломы, займаюцца вышыўкай, ткацтвам. Усё гэта можна набыць у мясцовай сувенірнай краме.

У Цэнтры народнай творчасці і рамёстваў г.п. Копысь можна ўбачыць не толькі ўзоры кафлі, якімі калісьці ўпрыгожвалі печы ў маскоўскім Крамлі і дамах заможных людзей, але і самому паспрабаваць стварыць які-небудзь шэдэўр.