Ёсць што ўспомніць, расказаць
Як і ў большасці людзей старэйшага пакалення, у жыхаркі вёскі Вялікае Сяло Галіны Кавальчук вялікі і цяжкі жыццёвы шлях, пройдзены з гонарам і годнасцю, павагай навакольных людзей. Яе лёс падобны на лёсы многіх яе равеснікаў. У страшны ваенны і цяжкі пасляваенны часы праходзілі дзяцінства, пара сталення гераіні нашага артыкула.
– Што мне распавесці аб сабе? Я ніякіх подзвігаў не здзяйсняла, – сціпла кажа Галіна Дзмітрыеўна. – У маім жыцці была толькі праца, і не самая простая. Рукі зрабілі вельмі шмат, спазналі розныя цяжкасці. Жыццё пражыта насычанае – ёсць што ўспомніць, расказаць, чым ганарыцца.
А ганарыцца сапраўды ёсць і кім, і чым: дзецьмі, унукамі, праўнукамі і тым, што, размяняўшы дзявяты дзясятак гадоў, Галіна Дзмітрыеўна захавала дзіўную яснасць розуму і жыццялюбства. Памятае ў падрабязнасцях сваю працоўную біяграфію (а яна доўгія гады была звеннявой брыгады жывёлаводаў), як даводзілася ўручную сеяць, жаць, веяць збожжа, вязаць снапы і скірдаваць сена. А яшчэ можа доўга апавядаць пра моду. Так-так, пра сельскую моду 20-40-х гадоў мінулага стагоддзя. У памяць аб ёй захаваліся асабістыя рэчы і нават рэчы мамы Сафіі Паўлаўны Грынкевіч. Сёння яна ўнікальны носьбіт гістарычных фактаў аб вёсачцы Вялікае Сяло лідскага краю. Аказваецца, нашыя продкі мелі свой густ у адзенні.
«Адкуль ты ўзяўся, малеча?»
Метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры і верны сябар “Лідскай газеты” Ірына Дыдышка даўно цікавіцца строямі Лідскага раёна. Сваю сустрэчу з Галінай Кавальчук, як і я, лічыць падарункам лёсу. Дзякуючы сельскай жыхарцы не толькі пацвердзілася гістарычныя інфармацыя, змешчаная ў літаратурных крыніцах, але і з’явіліся новыя факты, характэрныя для нашага краю. Напрыклад, запісаны назвы прадметаў і аддзення на дыялекце вёскі Вялікае Сяло. Аповед атрымаўся захапляльным. Але аб усім па парадку.
Самая цікавая сярод дзіцячых рэчаў – гэта камплект для хрышчэння. Шапачка з “чубкамі” і доўгая кашулька для немаўляці пашытыя з тонкай баваўнянай тканіны, вышытыя ў тэхніцы крыжа чырвонымі і чорнымі ніткамі.
Гладкія шапачкі з завязкамі пад бараду, пашытыя з баваўнянай тканіны, мелі назву каптурыкі, з рушачкамі – шапачкі з “чубкамі”.
Бацькі Галіны Дзмітрыеўны былі людзьмі працавітымі, трымалі вялікую гаспадарку. З воўны авечак матуля Галіны Дзмітрыеўны прала ніткі, вязала на спіцах розныя рэчы. Жанчына дзеліцца ўспамінамі аб тым, якімі цёплымі былі камізэлькі, рукавічкі, панчошкі, шкарпэткі. А хатні абутак, які вязалі з ільняных нітак кручком! Хоць і называлі яго лапцямі, падобны ён быў на тапкі.
– Дзіцячае адзенне ў нашай сям’і заказвалі тутэйшай краўчысе. Шылі з даматканага палатна, перашывалі з дарослага адзення, пашытага з купленых тканін, – апавядае Галіна Дзмітрыеўна.
– Немаўлят да паўгода спавівалі мяккімі льнянымі пялёнкамі і перавязвалі шырокім тканым поясам без узору, які называлі спавівач, – дадае спецыяліст. – Рабілі гэта так: вызначалі сярэдзіну пояса, пачыналі абмотваць дзіця ад гру-дзей пад спіну, перакрыжоўваючы канцы, потым наверх і гэтак далей, захопліваючы ножкі (каб былі роўненькія), і ўнізе замацоўвалі пояс вузельчыкам. Пад галаву дзецям клалі маленькія падушачкі, набітыя сенцам або пер’ем.
Самым цікавым сярод дзіцячых рэчаў Галіны Дзмітрыеўны аказаўся камплект для хрышчэння. Шапачка з тымі самымі “чубкамі” і доўгая кашулька для немаўляці пашытыя з тонкай баваўнянай тканіны, вышытыя ў тэхніцы крыжа чырвонымі і чорнымі ніткамі. Мініяцюрны камплект з вытанчанай дробнай вышыўкай выклікаў у нас шчырае замілаванне.
– Адзенне для хрышчэння, пашытае на заказ, каштавала шмат грошай, яго бераглі і перадавалі ў спадчыну наступным дзецям, – адзначыла Галіна Дзмітрыеўна. – У час хрышчэння абавязкова надзявалі нацельны крыжык-абярэг на льняной нітачцы, які пасля хрышчэння дзіця насіла не знімаючы. Існавала прыкмета, што немаўлят да года нельга было паказваць суседзям, каб не ўрачы. Па гэтай прычыне калыску ў прысутнасці чужых закрывалі накідкай, трымалі малых у хаце, пакуль не стануць хадзіць самастойна. Бывалі выпадкі, калі дзеці, народжаныя напрыканцы года, пасля зімы ўпершыню з’явіўшыся на вуліцы, здзіўлялі суседзяў. Тады звычайна казалі: “Адкуль ты ўзяўся, малеча? Не паспелі і заўважыць!”
Картузы, футравыя шапкі, канаплянкі
У сваім драўляным куфары Галіна Кавальчук захавала хатні камбінезон, перашыты з купленай ніжняй бялізны, у якім гузікамі служылі кавалачкі галінак. А паколькі яна была малодшай у сям’і, акрамя новых убораў, у спадчыну ёй перайшоў і гардэробчык старэйшай сястрычкі Ганначкі. Усе камплекты ў добрым стане. Гэтае адзенне – сапраўдны брыльянт, які дастаўся нам з глыбінь часу.
– Полаўзроставае адрозненне ў адзенні традыцыйна яшчэ доўга захоўвалася ў вясковага насельніцтва, асабліва гэта датычылася галаўных убораў: дзяўчынкі і жанчыны павязвалі хусты, хлопцы даношвалі за мужчынамі футравыя шапкі, картузы, – выказвае сваю абаснаваную кропку гледжання Ірына Дыдышка. – Аж да сярэдзіны ХХ стагоддзя былі распаўсюджаны канаплянкі – крамныя клятчастыя хусты з махрамі, якія замянялі дзецям вопратку. Хусты былі не толькі цёплыя, але і мяккія і зручныя. Завязвалі іх так: складалі вуглом, пакрывалі галаву і плечы, далей перакрыжоўвалі канцы пад пахамі і завязвалі на спіне, запраўляючы вугал хусты пад вузел. Многія дзеці зімой так і хадзілі ў пачатковую школу. А вось летнія і зімовыя сукеначкі былі прыкладна аднолькавага фасону: на гестцы, якая зашпільвалася гузікамі на спінцы, з раўнамернымі складкамі па полках спераду і ззаду, з доўгімі рукавамі. Іх шылі як з купленых тканін, так і з ільнянога абрусавага палатна. Палатно было танчэйшае, чым паўсуконнае, і ўзорыстае. Адным словам, у жыхароў Вялікага Сяла быў свой густ.
Слухаць і разумець
Увесь зваротны шлях мы з Ірынай Дыдышка ехалі пад непаўторным уражаннем ад сустрэчы. Гераіня артыкула так зачаравала нас, што іншай тэмы і быць не магло. Ахвотна, з вялікім натхненнем мы дзяліліся ўражаннямі ад знаёмства. І сышліся ў думцы: жыццёвая мудрасць, вера, устойлівы характар заўсёды суправаджалі гераіню артыкула па жыцці, дапамагалі спраўляцца з цяжкасцямі. А колькі такіх жанчын, загартаваных вайной, голадам і разрухай, далі жыццё пакаленню нашых бацькоў, а значыць, і нам, нашым дзецям! Менавіта такія людзі ўсяляюць у сэрцы любоў да Радзімы, павагу да людзей, веру ў светлую будучыню, прагу жыцця. Нам трэба іх слухаць, разумець, ганарыцца імі.
– Сама не думала, што размяняю дзявяты дзясятак гадоў, – успомніліся словы Галіны Дзмітрыеўны. – Усё ў жыцці бачыла: і немцаў, і гора. Усё памятаю. І вельмі хачу, каб людзі паважалі адзін аднаго, радаваліся кожнаму пражытаму дню. Трэба, дзеткі, жыць у згодзе.