Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2023 года сёння ў Палацы Незалежнасці была ўручана Шунейка Алене Феліксаўне, метадысту дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў Гродзеншчыны, інтэрпрэтацыю іх у асабістай творчасці пры вырабе аўтарскіх габеленаў, рэалізацыю праекта “Ад прадзіва да ткацтва” па адраджэнні ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва і іх выкарыстанне ў практыцы работы арганізацый культуры, экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці.
Алена Шунейка – адзіная ў вобласці майстрыха, якая настолькі дасканала валодае ўсімі “таямніцамі” і тэхнікамі габеленавай ніткі, што віртуозна перадае ў творчасці энергетыку старажытных гродзенскіх храмаў: у жывых вобразах паўстае гістарычнае мінулае Гродна, сустракаюцца знакавыя фігуры з розных эпох, адраджаецца Фара Вітаўта, маці-Радзіма набывае жаночы твар, а сярод велічных будынкаў вымалёўваецца родны дом майстрыхі.
На працягу многіх гадоў у творчай майстэрні Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ствараліся сапраўдныя творы мастацтва майстрам-тэкстыльшчыкам Аленай Шунейка.
Сёння інтэр’ер установы ўпрыгожваюць самыя аб’ёмныя і незвычайна маляўнічыя габелены Алены Феліксаўны: “Купальскі вянок” (1983); “Вясна Панямоння” (1989), прысвечаны 45-годдзю вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; “Вясёлка творчасці” (2015), створаны да 75-годдзя арганізацыі; “Гродзенская ратуша” (2018), выраблены да 890-годдзя Гродна; “Гісторыі жывая ніць” (2020), прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі.
Вялікую ўвагу Алена Феліксаўна надае аказанню метадычнай і практычнай дапамогі спецыялістам раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці (цэнтраў рамёстваў) Гродзенскай вобласці па даследаванні і адраджэнні ткацкіх тэхналогій, стварэнню рэплік мясцовых народных касцюмаў, пераемнасці пакаленняў.
У скарбонцы шматлікіх узнагарод Алены Шунейка яшчэ адна самая высокая і ганаровая ўзнагарода- СПЕЦЫЯЛЬНАЯ ПРЭМІЯ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ.
Нагадаем, сведчаннем творчага таленту і прафесіяналізму Шунейка А.Ф. з’яўляюцца і іншыя шматлікія ўзнагароды і званні:
2012 г. — лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар”;
2016 г. – творчасць Алены Феліксаўны Шунейка па вырабу габеленаў у традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;
2020 г. — лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў намінацыі “Жывапіс, скульптура, графіка, дызайн і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”;
2021 г. — прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Гродзеншчыны”.
Ганарымся! Віншуем! Поспехаў! Пленнай працы!