12 января под звуки полонеза и вальса: районный рождественский бал собрал талантливых и активных детей в Кореличах

12 студзеня Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры сабраў дзяцей і дарослых на калядны баль. На гэтую сустрэчу завітала Чараўніца, каб адкрыць цудоўны свет танца для маленькіх прынцаў і прынцэсаў. А яшэ сюды прыйшлі ганаровыя госці свята, каб раздзяліць з дзяўчынкамі і хлопчыкамі радасць каляднага вечара, выказаць у іх адрас шмат шчырых і цёплых слоў і ўручыць ўзнагароды і падарункі. Вельмі прыемна, што на Карэліччыне шмат таленавітых і старанных дзяцей, якія праслаўляюць родны край у вучобе, спорце, творчасці.

Слова прадастаўляецца старшыні Карэліцкай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», галоўнаму рэдактару ўстановы «Рэдакцыя газеты «Полымя» Іне Лейка:

— Галоўнае ўпрыгожванне гэтага ўрачыстага вечара — вы, лаўрэаты конкурсаў, алімпіяд, пераможцы спартыўных спаборніцтваў. Несумненна, лепшыя з лепшых. Зараз я з вялікім задавальненнем гляджу на вас, юных, шчаслівых, з бліскучымі, разумнымі, прыгожымі вачыма. Я вельмі ганаруся прыгажосцю нашага народа. Вы сёння ўвасабленне гэтага народа. Ведаю, што гэтая прыгажосць гарманічна спалучаецца з розумам, адукаванасцю і працавітасцю. Гэта тыя якасці, якімі славіцца беларуская нацыя. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб вашы таленты раскрываліся. Пра што б вы ні марылі, куды б не імкнуліся, не забывайце, мы — беларусы, і краіна ў нас, Радзіма ў нас — адна. Захоўвайце сувязь з ёю. Менавіта вам, надзеі нацыі, вызначаць вектар развіцця на бліжэйшую будучыню. Ад вашых памкненняў залежыць, якой будзе наша краіна ў будучыні.

Іна Іосіфаўна ўручае Грамату і падарунак ад «Белай Русі» пераможцу і неаднаразоваму прызёру абласных спаборніцтваў па гандболе Яўгеніі Лаўровіч.

Падзяку і падарункі раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага абхяднання «Беларускі дзіцячы фонд» атрымліваюць навучэнка аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ДУА «Мірская дзіцячая школа мастацтваў» Яна Лабоцкая і  навучэнка харэаграфічнага аддзялення ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» Дар’я Лустач.

Дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, член Карэліцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Наталля Гароднік у сваёй прамове выказала задаволенасць тым, што 2024 год пачынаецца па добрай традыцыі, і пажадала, каб ён прынёс дзяўчынкам і хлопчыкам толькі пазітыўныя эмоцыі, а бацькі набраліся цярпення і дапамагалі дзецям у ажыццяўленні іх задумак. Яна пажадала ўсім удзельнікам свята моцнага здароўя, шмат радасці і шчасця, і каб ім усё ўдавалася ў жыцці. Уручыла Падзяку ўдзельніку дзіцячай узорнай студыі «Эсперымент» Аляксандру Камеры (кіраўнік Міхаіл Башко).

На свята завітаў і благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса. Святар, паведаўшы пра гісторыю нараджэння Хрыста, гаварыў аб тым, што для дасягнення мэты трэба працаваць шмат. «Трэба рабіць добрыя справы, захоўваць Божыя запаведзі, дарыць радасць людзям» — заклікаў ён і пажадаў усім удзельнікам свята духоўнай радасці, моцнага здароўя і Божага благаславення. Мікалай Орса ўручыў каштоўныя падарункі вучням ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Івану Кулаку і Вікторыі Біластецкай.

… На працягу вечара маленькія прынцы і прынцэсы слухалі дзівосную музыку, а Майстры-Чараўнікі развучвалі танцы. Былі праведзены і майстры-класы па бальных танцах. Гэта было вельмі прыгожа і моцна захапляла. Ну, як ні кажыце, маленькія прынцы і прынцэсы заслугоўваюць нашай увагі і найлепшых слоў.

Сапраўды, навагоднія і калядныя святы — час збыцця самых запаветных жаданняў, шчаслівых імгненняў, добрых усмешак і, вядома, падарункаў. Няхай у Вас усё і заўсёды ладзіцца!