Каласок гнецца, аб зямлю б’ецца! У Іўеўскім раёне прайшлі “Зажынкі”

У КСУП “Баума” 20 ліпеня адбыліся “Зажынкі”, якія далі пачатак уборцы збожжавых на Іўеўшчыне. У “Зажынках” прынялі ўдзел: старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Мікалаевіч Генец, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Станіслававіч Мілюнец, старшыня Іўеўскага раённага камітэта прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Інэса Міхайлаўна Куляшо, пратаіерэй, благачынны цэркваў Іўеўскага раёна, настаяцель храма святога мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага ў г.Іўе Вячаслаў Пашкевіч, пробашч касцёла Святога Мікалая ў аг.Геранёны ксёндз Дзмітрый, члены Іўеўскага райвыканкама, кіраўнікі, спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый раёна і госці, якія пажадалі хлебаробам поспеху ў нялёгкай працы падчас жніва.

Творчым калектывам аддзела культурна-масавай і асветнай работы аг.Геранёны ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу” праведзены народны земляробчы абрад зажынак збожжавых новага ўраджаю. Геранёнскія прыгажуні-жнейкі прынеслі сімвалічны падарунак матухне-зямліцы – каравай былога ўраджаю як дань зямлі і падзякі Богу. Старэйшыя жанчыны Бышынская Ірына Антонаўна, Кульніс Альбіна Леонаўна і Капуста Ядвіга Станіславаўна сярпамі, якія дасталіся ад прадзедаў, зжалі спелыя пшанічныя каласы.

Першы сноп, перавязаны каляровай стужкай, жанчыны ўручылі старшыні райвыканкама, а камбайнёрам, вадзіцелям і трактарыстам, задзейнічаным у жніве, дзяўчаты паднеслі хлебны квас і духмяны хлеб.

Па добрай традыцыі пратаіерэй Вячаслаў Пашкевіч і ксёндз Дзмітрый асвяцілі тэхніку, камбайнераў, хлебнае поле і благаславілі хлебаробаў на плённую працу.

Экіпаж камбайнёраў Кульніса Уладзіміра Феліксавіча, Садоўскага Віктара Леанардавіча разам са старшынёй райвыканкама Генцам Ігарам Мікалаевічам першымі выехалі ў поле, каб намалаціць залацістых зярнят для іўеўскага агульнага каравая.