Свята са смакам мёду прайшло ў аг. Бялкоўшчына Смаргонскага раёна

У мінулыя выхадныя аграгарадок Бялкоўшчына на адзін вечар стаў мядовай сталіцай усяго Каранёўскага сельскага савета. Тут прайшло святочнае гулянне з салодкай назвай “Мядовы смак”. Мёд здаўна лічыцца крыніцай здароўя і сілы, а пчолы – самымі працавітымі насякомымі ў свеце. Гісторыя мёду і гісторыя ўсяго славянскага свету непарыўна звязаныя паміж сабой. Першыя згадкі пра мёд на нашых землях датуюцца дзясятым стагоддзем. Гэты факт кажа толькі аб адным: мёд для нас – прадукт не новы.

Пры падрыхтоўцы свята “Мядовы смак” арганізатары тонка прыкмецілі сувязь паміж працавікамі-пчоламі і простым чалавекам.

– Мы не выпадкова назвалі гэтае гулянне Святам мёду, – кажа кіраўнік Каранёўскага сельвыканкама Святлана Гаспадарова. – Мёд – гэта цуд прыроды. Смак яго непаўторны, а водар мёду нельга зблытаць ні з чым іншым. Каб сабраць хаця б сто грамаў мёду, колькі пчолам трэба працаваць? Так і наш чалавек: ставіць перад сабой мэту і дасягае яе. Працуе пастаянна.

Мядовае свята, якое разгарнулася побач з сельскім Домам культуры, сабрала на адной пляцоўцы пчаляроў з іншых вёсак сельсавета, моладзь і людзей сталага ўзросту, а таксама мясцовых артыстаў і гасцей са Смаргоні і Ашмян. Маладыя бялкоўшчынскія сем’і прынялі ўдзел у парадзе калясак, якія спецыяльна да гэтага свята былі імі тэматычна ўпрыгожаны. Дзеці за лепшы касцюм пчалы атрымалі ад арганізатараў салодкія прызы.

Свята “Мядовы смак” на адзін вечар сабрала ўсю вёску разам для таго, каб людзі на час адклалі свае справы і добра адпачылі. Бо ў гарачую летнюю пару, якая традыцыйна ад вяскоўцаў патрабуе вялікіх фізічных намаганняў, гэта зрабіць практычна немагчыма.

Па матэрыялах Смаргонскай раённай газеты «Светлы шлях»

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)