ВЫСТАЎКА. У Гродзенскім АМЦНТ адкрыўся сапраўдны «Райскі сад»!

23.09.2026 г.

Сёння ў дэманстрацыйнай зале Гродзенскага АМЦНТ адбылося ўрачыстае адкрыццё справаздачнай выстаўкі майстроў народнай творчасці і мастакоў Лідскага раёна «У райскім садзе».

Госці мерапрыемства змаглі акунуцца ў багаты свет традыцыйнай культуры і пабачыць унікальныя скарбы Лідчыны:
— старадаўняе белаўзорыстае ткацтва Панямоння
— рэканструяваныя рэгіянальныя народныя строі.
— карункавыя папяровыя выцінанкі і самабытныя каляровыя маляванкі.
— мастацкую кераміку з тэракотавымі персанажамі.
— чароўны свет батлеечнага тэатра і этнічных лялек.

Адкрыла вернісаж і павітала гасцей дырэктар Гродзенскага АМЦНТ Кацярына Васільеўна Хільмончык: «Гэта не проста выстаўка — гэта жывая спадчына, якая дыхае, спявае і расказвае свае гісторыі. Мы рады адкрыць гэты «райскі сад» для ўсіх, хто шануе сваё».
А начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Міхайлаўна Вайцюкевіч падзякавала за прадстаўленую магчымасць паказаць багацце Лідчыны и адзначыла, што кожны экспанат — гэта любоў майстроў, укладзеная ў традыцыю.


Музычны настрой падарыў народны ансамбль бытавых інструментаў «Каханачка» Мажэйкаўскага сельскага клуба-бібліятэкі. Акрамя агляду экспазіцыі, наведвальнікі змаглі бліжэй пазнаёміцца з майстрамі і паспрабаваць сябе ў творчасці на майстар-класах па вырабе лапікавай лялькі, маляванцы і выцінанцы.

Запрашаем да нас
Выстаўка працуе
па 23 кастрычніка 2026 года
Дзе: Гродна, вул.Савецкая, 8