Яскравы “Гітарны дэбют” прадставілі ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці

Чарговая музычная сустрэча з цыкла “Гітара ад класікі да джаза” ў народным клубе творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, як заўсёды, прайшла плённа і цікава. Госці вечарыны “Гітарны дэбют” з задавальненнем знаёміліся з класічнай гітарнай школай горада Гродна, якая, на думку музыказнаўцаў, з’яўляецца адной з самых моцных у нашай краіне.

Напачатку сустрэчы кіраўнік клуба А.Закрэўскі зрабіў невялікі агляд сусветных гітарных школ, расказаў пра іх адрозненне па спосабе гуказдабыцця – аднаго з самых складаных і важных састаўляючых мастацтва  ігры на класічнай гітары. “Аб’ектыўная цяжкасць атрымання чыстага, прыгожага, багата афарбаванага абертанамі і, разам з тым, дастаткова моцнага гуку патрабуе ад музыканта асаблівай увагі”, –зазначыў Аляксандр Міхайлавіч.

Знакамітаю гродзенскую гітарную школу на імпрэзе прадставілі навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа (клас У.І. Захарава). Адкрыла музычную частку студэнтка 3 курса Анастасія Засім, у выкананні якой прагучалі “Фантазія №10” А.Мудара, “Прэлюдыя № 2” Э.Віла-Лобаса. Затым на сцэне прадэманстравала сваё гітарнае майстэрства трэццякурсніца Ангеліна Сяліцкая, якая ўразіла слухачоў віртуозным выкананнем мазуркі “Адэліта” Ф.Тарэга і твора “Хлопчык на вясёлым осліку” А.Вініцкага. Дарэчы, дуэт таленавітых дзяўчын прагучаў асабліва яскрава і лірычна. На высокім выканальніцкім узроўні было і выступленне студэнта 1 курса Дзяніса Жаўтова, які прадставіў гасцям “Санату ля мажор. Largo. Rondo” Ф. Карулі і “Прэлюдыю № 1” Э.Віла-Лобаса.

Бліскучым фінальным акордам музычнай часткі сустрэчы стала выступленне мэтра гродзенскай класічнай гітары У.І. Захарава. Уладзімір Іванавіч у гэты вечар парадаваў гледачоў вытанчанай ігрой на  лютні – цудоўным старажытным музычным інструменце часоў Сярэднявечча і Рэнесанса. Паміж творамі Уладзімір Захараў дзяліўся з залай цікавымі звесткамі пра гэты інструмент.

Пасля музычнай праграмы ўдзельнікі клуба творчай інтэлігенцыі і слухачы задавалі пытанні гітарыстам і дзяліліся сваімі ўражаннямі. Імпрэза завяршылася шчырай сяброўскай размовай аб гітары, аб творчасці і аб музыцы.