Работнікаў культуры Гродзеншчыны павіншавалі з прафесійным святам

Напярэдадні Дня работнікаў культуры ў зале дзяржаўнага каледжа мастацтваў урачыста павіншавалі тых, хто ўзбагачае каштоўны культурны здабытак прынёманскага краю і захоўвае нацыянальную спадчыну.

Супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, работнікі тэатраў, спецыялісты дамоў культуры, удзельнікі калектываў прафесійнай і аматарскай творчасці і не толькі – сёння ўрачыстае мерапрыемства было прысвечана звычайным стваральнікам свята вакол нас.

Павіншаваў з прафесійным святам удзельнікаў урачыстасці намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.

Авацыямі сустракалі гледачы калегаў, якія падымаліся на святочную сцэну за  ўзнагародамі. Падзяку міністра культуры Рэспублікі Беларусь за ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур уручылі вядучаму метадысту па народных промыслах і рамёствах абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Аляксандру Аўчыннікаву і загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вользе Шлавянец.

Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагародзілі мастака-мадэльера абласнога тэатра лялек Алену Гулько і дырэктара Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ганну Драб. Таксама гэтай узнагародай адзначылі калектыў Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі.

Падзяка старшыні Гродзенскага аблвыканкама была аб’яўлена начальніку аддзела культурна-асветнай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры аблвыканкама Вользе Багдановіч, артысту-вакалісту музычнага тэатра Гродзенскай абласной філармоніі Пятру Ракуцю, рэжысёру ўзорнага тэатра эстрадна-спартыўнага танца «Каскад» Слонімскага цэнтра культуры і народнай творчасці Зоі Пятроўскай.

Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў адзначылі намесніка дырэктара музычнага тэатра «Рада» Аксану Кімкетаву. Аартыст балета Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Вікторыя Бальцэр і настаўнік па класе акардэона дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза Алена Кацынэль атрымалі падзячныя лісты старшыні абласнога Савета дэпутатаў.

Узнагароды  таксама ўручыла Таццяна Іванова, старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Падчас урачыстага мерапрыемства работнікам культуры таксама былі ўручаны ганаровыя граматы ўпраўлення культуры аблвыканкама.

А яркім фінальным акордам свята стала тэатралізаваная вакальна-харэаграфічная кампазіцыя з удзелам лепшых творчых калектываў і выканаўцаў Гродзеншчыны.

Па матэрыялах газеты “Гродзенская праўда”, Ганна Радзюк

Поўны тэкст артыкула на афіцыйным сайце выдання (перайсці)

Фота: Цімур Бабко, ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”